...А ты, сіраціна, жыві,
Як ветрам лісток адарваны,—
Ні месца табе на зямлі,
Ні радасці з песень жаданай.
Нясі сваю ношку жыцця
Між наспаў-курганаў магільных,
Без веры ў свой цэль, без пуцця,
Расплаканы ў жальбах бяссільных.
Як цень з таго свету, ідзі,
Не знаючы ў долі сірочай
Ні сэрца з дзявочай грудзі,
Ні сонечнай ласкі дзявочай.
Жыві і сні сны аб вясне,
Ды думай адно, сіраціна.
Што нават ніхто не ўздыхне
Калісь над тваёй дамавінай.
Выбітны класік беларускай літаратуры, нацыянальны герой,
народны паэт Беларусі.
Што я мужык, усе тут знаюць,
І, як ёсць гэты свет вялік,
З мяне смяюцца, пагарджаюць,
Бо я мужык, дурны мужык.
Чытаць, пісаць я не умею,
Не ходзіць гладка мой язык,
Бо толькі вечна ару, сею,—
Бо я мужык, дурны мужык.
Бо з працы хлеб свой здабываю,
Бо зношу лаянку і крык,
І свята рэдка калі знаю,—
Бо я мужык, дурны мужык.
Галеюць дзеці век без хлеба,
Падзёрты жончын чаравік,
Не маю грошы на патрэбу,—
Бо я мужык, дурны мужык ...
Я люблю ўсходы нашых палеткаў,
І спавітыя ў зелень лугі,
І шум бору пануры, глухі,
І шаптанне крынічнае ўлетку...
Я люблю упрыгожану ў мхі
Нашу вёску — сваёй крыўды сведку,
Свой народ — гэту звяўшую кветку,
Цэлы край — родны мне й дарагі.
Я люблю ясны вочы і грудзі
І стан гібкі дзяўчыны-красы:
Аб ёй брэджу наяве і ў сне.
Я люблю і заву, бы ў нялюддзі,—
Чуюць кліч мой сухія лясы,
Кліч: хто ж любіць, хто любіць мяне?
Іван Дамінікавіч Луцэвіч (Янка Купала) нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года ў вёсцы Вязынка ў беларускай каталіцкай сям'і Дамініка Ануфрыевіча і Бенігны Іванаўны Луцэвічаў. Бацькі былі збяднелыя беларускія шляхцічы, якія арандавалі землі ў абшарніцкіх угоддзях. Род Луцэвічаў вядомы з пачатку XVII стагоддзі. Дзед паэта арандаваў зямлю ў Радзівілаў, але быў імі выгнаны з родных мясцін. Гэты факт лёг у аснову купалаўскай драмы "Раскіданае гняздо".
Дом у вёсцы Вязынка Мінскай вобласці, у якім нарадзіўся Янка Купала
Першыя творы Купалы - некалькі лірычных вершаў на польскай мове, апублікаваны ў 1903-1904 гадах у часопісе "Ziarno" ("Зерне") пад псеўданімам "К-а". Першы верш на беларускай мове - "Мая доля" датуецца 15 ліпеня 1904 года. Верш "Мужык", апублікаваны ў 1905 годзе ў мінскай газеце "Паўночна-Заходні край", можна лічыць паспяховым дэбютам у друку і пачаткам творчасці паэта.
У гэтыя гады Янка Купала пераязджае ў Вільню, дзе працуе ў рэдакцыі першай беларускай газеты «Наша Ніва». Там жа знаёміцца з будучай жонкай — Уладзіславай Станкевіч — і актрысай Паўлінай Мядзёлкай, якой Купала адзін час быў захоплены і ў гонар якой назваў гераіню сваёй першай п’есы — камедыі «Паўлінка». У гэты ж час напісаны самы вядомы верш паэта «А хто там ідзе?»
У канцы 1909 гады Купала з'ехаў
у Пецярбург, дзе вучыўся і працягваў працаваць. У гэты перыяд асобнай кнігай выйшла паэма “Адвечная песня” (Вечная песня), а 13 сакавіка 1910 года – зборнік “Гусьляр” (Гусляр). У красавіку 1910 года была завершана паэма "Курган", а ў жніўні таго ж года - драма "Сон на кургане", адно з найвялікшых твораў Янкі Купалы, сімвал беднага існавання народа ў тагачаснай Беларусі.
Янка Купала падчас сваёй вучобы ў Санкт-Пецярбургу. 1909 г0д
У 1911—1913 гадах Купала жыў з маці
і сёстрамі ў маёнтку Акопы. У Акопах маці Купалы, Бянігна Луцэвіч, арандавала памешчыцкі хутар. Тут было напісана больш за 80 вершаў, п'есы "Паўлінка", "Тутэйшыя", "Раскіданае гняздо", паэмы "Магіла льва", "Бандароўна" і інш. 3 чэрвеня 1912 года Купала завяршыў першую сваю п'есу-камедыю "Паўлінка", якая ў тым жа годзе была выдадзена ў Санкт-Пецярбургу, а потым была пастаўлена на сцэне спачатку ў Санкт-Пецярбургу, затым у Вільні.
У 1916 годзе ў Маскве ў касцёле святых Пятра і Паўла Янка Купала і Уладзіслава Станкевіч абвянчаліся. У гэты ж час Купалу прызвалі ў войска і той паступіў у дарожна-будаўнічы атрад, у складзе якога працаваў аж да наступлення падзей Кастрычніцкай рэвалюцыі. У перыяд з 1916 па 1918 гады паэтам не было створана ніводнага твора, аднак пазней Янка Купала ў сваёй лірыцы звярнуўся да тэмы выжывання асобнай асобы і народа ў цэлым у перыяд гістарычнага пералому. Праграмныя творы пасляваенна-рэвалюцыйнага перыяду "Час", "Для айчыны", "Спадчына", "Свайму народу" датуюцца 1919 годам..
Гэткім шчырым каханьнем яе атуліў,
З гэткай ласкай глядзеў ў яе сумныя вочы, –
Як і сонца ня туліць расквечаных ніў,
Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!
Так пясьціў, так галубіў галубку, яе,
Так цяпліў сваім сэрцам сірочым ёй грудзі, –
Як і маці ня песьціць дзіцё – як спаўе,
Як і вогнішча зьзябнутых грэці ня будзе!
Столькі песень над песьнямі ёй я напеў,
Столькі думак злажыў аб ёй важных, таёмных,–
Як і бор гэтак зь ветрам шумець не шумеў,
Як і век гэткіх дум не злажыў для патомных!
Гэткі ў сэрцы сваім збудаваў ёй пасад
I такую ўзлажыў ёй з каханьня карону, –
Як і неба зь зямлёю, на Божы загад,
Не прыдбаюць такіх ні кароны, ні трону! ...
Першае выданне "Паўлінкі".
1913 год
Янка Купала з жонкай Уладзіславай. 1916 год
З надыходам савецкай эпохі лірычныя настроі Янкі Купалы падвергліся некаторым зменам. На першы план
у яго вершах выйшаў матыў чакання светлай будучыні. паэт ускладаў шчырыя надзеі на карэнныя змены ў жыцці беларускага народа пад уплывам новай эпохі. У 1921 годзе Купала знаходзіўся пад хатнім арыштам, яго рукапісы былі канфіскаваны. 31 жніўня 1922 года была завершана п'еса "Тутэйшыя", у хуткім часе забароненая за нацыяналізм. Таксама ў гэты перыяд выйшлі ў свет наступныя лірычныя зборнікі паэта: "Спадчына" (1922) і "Безназоўная" (1925).
У перыяд 30-х гадоў савецкія органы дзяржбяспекі абвінавачвалі Купалу
ў арганізацыі і падтрымцы Саюза вызвалення Беларусі. Паэт не пазбег працяглых, знясільваючых допытаў
і спробы самагубства ў лістападзе 1939-га. У выніку, каб пазбегнуць далейшых непажаданых разбораў, якія маглі канчаткова падарваць яго здароўе, якое без таго падкасілася, паэт апублікаваў пакаяннае «Адкрыты ліст». Са з'яўленнем ліста нападкі на паэта спыніліся. У дадзены перыяд часу Янка Купала стварыў шэраг лірычных твораў пра самабытнасць і культурнае багацце беларускага народа: «Ад сэрца» (1940), паэмы «Над ракой Арэсай» (1933), «Тарасава доля» (1939) і некаторыя іншыя.
Янка Купала і Якуб Колас. 1938 год
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Памiж сваiх i чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.
Аб ёй мне баюць казкi-сны
Вясеннiя праталiны,
I лесу шэлест верасны,
I ў полi дуб апалены.
Аб ёй мне будзiць успамiн
На лiпе бусел клёкатам
I той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;
I тое нуднае ягнят
Бляянне-зоў на пасьбiшчы,
I крык варонiных грамад
На могiлкавым кладбiшчы ...
Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.
Я буду маліцца да яснага сонейка,
Няшчасных зімой саграваць сірацін,
Прыветна па збожных гуляючы гонейках,
Часцей заглядаці да цёмных хацін.
Я буду маліцца да хмараў з грымотамі,
Што дзіка над намі гуляюць не раз,
Каб жаль над гаротнымі мелі бяднотамі,
Градоў, перуноў не ссылалі падчас.
Я буду маліцца да зорак і жаліцца,
Што гасяць сябе надта часта яны,
Бо чуў, як якая з неба з іх зваліцца,
З жыцця хтось сыходзе на вечныя сны ...
Янка Купала трагічна загінуў 28 чэрвеня 1942 года пры нявысветленых абставінах у гасцініцы "Масква", упаўшы ў лесвічны пралёт паміж 9-м і 10-м паверхамі гасцініцы, смерць паэта была імгненнай. У чэрвені 1962 года яго прах быў перанесены ў Мінск і перапахаваны на Ваенных могілках, побач з магілай маці, якая памерла на другі дзень пасля сына, пра гібель якога яна так і не даведалася.
Вялікі дзякуй
выбітнаму беларускаму паэту
Усе матэрыялы сабраны з адкрытых крыніц у сетцы інтэрнэт і не прэтэндуюць
на гістарычную дакладнасць.
2023